Быў сабе вол, баран, гусак і пеўнік. Надыходзіла зіма, дык вол кажа: - Ведаеце што? - зіма надыходзіць, холад будзе, - пастаўма хатку.

Дык тыя на яго як напалі: - Выдумаў ліха знае што! Дык стаў сам, калі такі майстра. У нас ёсць пер'е, у барана - воўна, то й не памерзнем. - Ну, як сабе хочаце, а я сваё зраблю. Як тыя пайшлі, вол паставіў хатку, нанасіў сена, саломы й ляжыць сабе, як пан. Вось надыйшла зіма з марозам. Прыбягаюць да яго пеўнік, баран і гусак. - Пусці нас, дзядзька, у хатку, бойся Бога, такі мароз, мы памерзнем! А гусак падняў ножку й кажа: - Бач, дзядзька, якія ў мяне ножкі чырвоныя! - зараз паадпадаюць. - А вы, - кажа вол, - гультаі! Ня пушчу! Як хаткі, дык няма каму паставіць, а як пагрэцца, то ёсць каму! Але тыя як пачалі лемантаваць, прасіцца: «А мой дзядзечка, а мой ты такі, а мой сякі, а мой гэтакі!» - вол пашкадаваў і пусьціў. Дык пеўнік зараз палез на печ грэцца, гусак ходзячы па хаце ўсё тупоча, каб ногі разагрэць, баран лобам у сцяну лупіць - грэецца, а вол есці ім варыць. Ано-ж прыходзіць воўк, адчыняе ад хаткі дзьверы, а баран гэтта як вытне яму раз лобам, як не паправіць; гусак давай шчыпаць, вол рагамі, а певень на печы спалохаўся і ўсё крычыць: «Ка-ка-рэ-ку». Воўк як не панясецца наўцекі да сваіх і кажа: - А мае-ж вы браткі, мае саколікі, гэта-ж у лесе кавалі хатку паставілі - паўнютка кавалёў! Як увайшоў, дык адзін як даў мне молатам, другі віламі зялезнымі, а трэці давай шчыпцамі ціснуць, а яшчэ адзін нейдзе з печы ўсё крычыць: «Ды падавайце-ж мне яго сюды! Ды падавайце-ж мне яго сюды!» Мала я не абамлеў. Маю я шчасце, што гэтак ня было, бо, каб ня дай Божа, дык той, з печы злезшы, чыста з мяне скуру здзёр-бы.